Тэма 9.4. Гісторыя беларускай арфаграфіі
Пытанні для самакантролю
- Раскажыце пра дзейнасць беларускіх пісьменнікаў другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. як пачынальнікаў арфаграфічнай нармалізацыі.
- Пакажыце ролю першых беларускіх легальных газет (найперш “Нашай нівы”) у станаўленні арфаграфічных нормаў.
- Акрэсліце рэалізацыю фанетычнага прынцыпу правапісу ў публікацыях “Нашай нівы” 1906–1915 гг.
- Пакажыце перадачу рыс беларускага кансанантызму ў публікацыях “Нашай нівы” 1906–1915 гг.
- Пакажыце ролю “Беларускага правапісу” А. і Я. Лёсікаў ва ўнармаванні арфаграфіі новай беларускай літаратурнай мовы.
- Акрэсліце ролю “Беларускай граматыкі для школ” Браніслава Тарашкевіча ў станаўленні правапісу сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
- Раскажыце пра Акадэмічную канферэнцыю 1926 года па рэформе беларускага правапісу і азбукі.
- Вызначце сутнасць пастановы 1933 года “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”.
- Дайце характарыстыку зводу правілаў беларускай арфаграфіі, які быў зацверджаны пастановай Савета Міністраў у 1957 годзе. Пакажыце экстралінгвістычны ўплыў на фарміраванне беларускай арфаграфіі ў савецкі перыяд.
- Акрэсліце сутнасць зменаў, унесеных у беларускую арфаграфію новай рэдакцыяй беларускага правапісу 2008 года.
Практыкаванні
Практыкаванне 1. Ніжэй прыведзены ўрывак з верша М. Багдановіча “Раманс” у напісанні, якое адпавядае сучаснаму правапісу, і ў выданні 1913 года. Параўнайце прынцыпы правапісу зычных і галосных гукаў.
|
Зорка Вэнэра ўзыйшла над зямлёю, Сьветлые згадкі с сабой прывела… Помніш, калі я спаткаўся с табою Зорка Вэнэра ўзыйшла. З гэтай пары я пачаў угледацца Ў неба начное і зорку шукаў. Ціхім каханьнем к табе разгарацца З гэтай пары я пачаў. Але разстацца нам час наступае; Пэўна, ўжо доля такая ў нас. Моцна кахаў я цябе, дарагая, Але разстацца нам час. Буду ў далёкім краю я нудзіцца Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю; Кожную ночку на зорку дзівіцца Буду ў далёкім краю. Глянь іншы раз на яе, у разстаньні Там з ёй зліём мы пагляды свае… Каб хоць на міг уваскрэсло каханьне, Глянь іншы раз на яе… |
Зорка Венера ўзышла над зямлёю, Светлыя згадкі з сабой прывяла… Помніш, калі я спаткаўся з табою, Зорка Венера ўзышла. З гэтай пары я пачаў углядацца Ў неба начное і зорку шукаў. Ціхім каханнем к табе разгарацца З гэтай пары я пачаў. Але расстацца нам час наступае; Пэўна, ўжо доля такая ў нас. Моцна кахаў я цябе, дарагая, Але расстацца нам час. Буду ў далёкім краю я нудзіцца, Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю; Кожную ночку на зорку дзівіцца Буду ў далёкім краю. Глянь іншы раз на яе, – у расстанні Там з ёй зліём мы пагляды свае… Каб хоць на міг уваскрэсла каханне, Глянь іншы раз на яе. |
Практыкаванне 2. Ніжэй падаецца верш М. Багдановіча “Летапісец” у арфаграфіі выдання 1913 года. Запішыце гэты верш, кіруючыся правіламі сучаснай беларускай арфаграфіі. Выявіце разыходжанні ў тагачасным і цяперашнім правапісе, растлумачце іх прычыны.
|
Душой стаміўшыся ў жыцьцёвых цяжкіх бурах, Свой век канчаю я ў манастырскіх мурах І пільна летапісь другі ўжо год пішу: Старанна літэры малые вываджу І сьпісваю ўсё ад слова і да слова З даўнейшых граматак пра долю Магілёва. І добрые яго , і кепскіе дзела Апаведаю тут. Так рупная пчэла Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак. І бачэннаму мной – я годны веры сьведак. Хай тые ведаюць, што з’явяцца па нас, Ўсю праўду пра жыцьцё у наш і пройшлы час, Пра войтаў, лаўнікаў, і райцоў, і паспольства, Пра розных каралёў, і бітвы, і пасольства. Што тут чынілося у даўнія гады, Што думалі, чаго бажалі мы тады, За што змагаліся, як баранілі веру, – Хай зьведаюць усё патомкі праз паперу! Яно забудзецца, умрэ, з вадой сплыве, – І вось у спомінах устане, ажыве, Калі знайдуць мае ня хітрае пісаньня. |
Практыкаванне 3. Прачытайце ўрывак з артыкула Рамуальда Зянкевіча “Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыцьцё і літэратурнае значэньне”, надрукаванага ў “Нашай ніве” ў 1910 годзе. Пакажыце рэалізацыю ў тэксце фанетычнага прынцыпу беларускага правапісу.
Вінцук Дунін-Марцінкевіч быў сынам дробнаго пасэсара Яна Марцінкевіча і Мар’янны з Воўчацкіх і радзіўса ў фольварку Панюшкевічах, каторы яго бацька тады арэндаваў. Панюшкевічы лежаць над самай Бярэзінай у неколькіх верстах ад Бабруйска, ў Міншчыні. Там пражыў малады Вінцук свае дзяцінные і школьные гады, пакуль ня скончыў сярэдняй школы ў Бабруйску 1824 года. Скончыўшы сярэднюю школу, Вінцук паехаў у Вільню для далейшай навукі ў колегію айцоў базыльяноў, куды яго аддаў дзядзька, мітрополіт літоўскі і беларускі, ксёндз Станіслаў Богуш-Сестрэнцэвіч. У Вільні Марцінкевіч прабыў ня доўга і паехаў у Пецербург да унівэрсытэту, вучыцца за доктара. Але мэдыцына скора яму абрыдла; ён пакінуў яе і вярнуўся да хаты, дзе прабыў крыху часу. У 1827 гаду Марцінкевіч дастаў службу пры каталіцкім консысторы ў Менску. У 1829 гаду, апрача працы ў консысторыі, Марцінкевіч быў членам у камісіі менскіх гранічных судоў. У 1831 гаду ён ажаніўся з Юзэфай Бараноўшчанкай і скора, бо ў 1832 гаду, пакінуў працу ў консысторыі і перайшоў у канцэлярыю Менскай крымінальнай палаты. Але тутака Марцінкевіч з вялікай працы захварэў цяжка, і прыйшлося гэту службу пакінуць. Пасьля ўжо ў 1834 году Марцінкевіч ізноў паступае на службу ў консысторыю, дзе дастаў мейсцэ транслятора (перэкладчыка) папераў на расейскую мову. У консысторыі працаваў ён ажно да 1839 г., года скасаваньня уніі. У гэтым 1839 гаду зверылі Марцінкевічу упарадкаваньне консысторскаго архіва, і пасьля гэтаго яго служба ў консысторыі была скончана. Марцінкевіч на службе здалеў злажыць невялікі капітал з сваей цяжкай працы і ў 1840 гаду купіў маленькі фольварак Люцынку ў Менскім павеці, Першайскай парафіі. З гэтай пары жыў ён ў Люцынцы, але часта ездзіў, а пасьля нават жыў у Менску, дзе меў невялікую і ня трудную службу пры шляхоцкай дэпутаціі. У 1857 гаду Марцінкевіч заўдавеў, пакінуў службу дэпутата, а пасьля ў 1858 гаду ажаніўся другі раз з удавой Гружэўскай і тады асеўся саўсім ў Луцынцы.
Практыкаванне 4. Прачытайце ўрывак з артыкула Рамуальда Зянкевіча “Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыцьцё і літэратурнае значэньне”, надрукаванага ў “Нашай ніве” ў 1910 годзе. Пакажыце рэалізацыю ў тэксце этымалагічнага прынцыпу арфаграфіі ў правапісе запазычаных слоў.
«Селянку» ігралі ў Мінску аматоры разам з аўторам у тэатры ў гадах 1852 1853 ды 1855. Глаўную ролю войта Наума іграў сам Марцінкевіч так пекна, што ўсе гаварылі аб яго артыстычнай ігрэ, вельмі дзівуючыся.
Гэта опэра мае вялікую вагу: яна была першай беларускай камэдыей, пастаўленай на сцэну, і дзеля таго трэба парупіцца, каб яе прыпомніць і ешчэ раз калі-небудзь паставіць. Хаця яна ўжо і устарэла, але усё-такі сваю вартасць, хаця-бы гісторычную мае і дзеля таго зацікавіць нас можэ дый павінна. Трудней трошкі будзе з нотамі Монюшкі, бо яны недзе прапалі. У музыкальным таварыстве ў Варшаві, дзе зложэны ўсе рукапісы Монюшкі, нот да «Селянкі» німа, але ёсьць сьляды, і казалі мне людзі, што ноты можна знайсці ў Пецербурзе ў цэнзурным архіве, дзе іх нехта відзеў. Нехай жэ хто можэ парупіцца аб гэтым.
Практыкаванне 5. Падрыхтуйце лінгвістычнае паведамленне пра філалагічную спадчыну Янкі Станкевіча. Асаблівую ролю звярніце ролю дапаможніка “Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным” у станаўленні арфаграфіі літаратурнай мовы.
Практыкаванне 6. Прачытайце ўрывак з падручніка “Беларуская граматыка для школ” Б. Тарашкевіча (Вільня, 1929). Вымавіце словы з практыкавання ў гэтым падручніку, якімі ілюструецца з’ява асіміляцыі па мяккасці. Параўнайце тагачасны і цяперашні правапіс гэтых слоў.
Перад мягкімі зычнымі з, с, ц, дз зьмягчаюцца: зьняць, сьляза, цьвіцець, дзьве і г.д. Толькі перад г, к, х яны не зьмяняюцца: згінуць, схіліць, скінуць і г.д.
Сьпісаць, паставіць націскі і падчыркнуць зьмягчоныя зь, сь, ць:
Адвага не зьнявага. Ад напасьці не прапасьці. Ад цяплосьці не баляць косьці. Ёсьць і дзьвесьце, да не ў адным месьце. Жаль згіне, як мара. Паспорылі за мех, а ў мяху сьмех. Нясьмела, як убогі, вецер у дзьверы стукне. Распусьціўся, як старэцкая пуга.
Практыкаванне 7. Прачытайце вытрымкі з падручніка Б. Тарашкевіча “Беларуская граматыка для школ” (Вільня, 1929). Параўнайце вымаўленне і правапіс запазычаных слоў у тагачаснай і цяперашняй літаратурнай мове. Адзначце, якія з акрэсленых арфаэпічных і арфаграфічных нормаў змяніліся, а якія захаваліся ў сучаснай беларускай мове.
Чужаземныя словы, нядаўна ўвайшоўшыя ў беларускую мову, асабліва-ж навуковыя тэрміны, пераважна перадаюцца, па магчымасьці, так, як у тэй мове, скуль яны ўзятыя: тэлеграф, тэлеграма, калёквіум, географія, геомэтрыя, тэрыторыя, унівэрсытэт, эволюцыя, элемэнт, інтэлігенцыя і г.д.
Заместа падвойных зычных пішуцца простыя: каса, маса, тэлеграма, Фінляндыя, Голяндыя, а не – касса, масса, тэлеграмма, Гольляндыя, Фіннляндыя і г.д.
Аднак у некаторых словах застаецца падваеньне: Ганна, манна, ванна, мадонна, Будда, Мэкка…
Чужаземнае l (сярэдняе) перадаецца мягкім ль, як у словах лямпа, пляц, Лёндан, лёзунг, монолёг, лёяльны, філёзофія і г.д., або цьвёрдым л, як у словах капітал, ідэал, інтэграл, адмірал, артыкул, матэрыял, пратакол, формула, канікулы, бібула, трыбунал і інш.
У чужаземных словах (у выснове) не дапускаецца цеканьне і дзеканьне, а дзеля таго: дыплёмат, тыран, дынаміт, тып, тэатр, аптэка, тэлеграма, дэпо, студэнт і г.д., а не – дзінаміт, ціп, студзент.
Не змягчаюцца звычайна й зычныя з, с і ц: асыстэнт, магазын, пазыцыя, коопэрацыя і г.д., але фантазія, поэзія, Азія, Сібір і інш.
Апрача слоў здаўных-даўна абеларушчаных – Піліп, Язэп, кахля, хунт, Хама, Хведар… – чужаземны гук ф перадаецца праз ф: форма, фронт, маніфэст, фабрыка, Францыя і г.д.
Практыкаванне 8. Падрыхтуйце прамову “На скразняковых вятрах эпохі”, прысвечаную жыццёваму шляху і навуковай спадчыне Браніслава Тарашкевіча. Рыхтуючыся да выступлення, звярніцеся да артыкулаў А. Марціновіча ў часопісе “Беларуская думка” (2002. – № 1. – С. 65-72) і І. Германовіча ў энцыклапедыі “Беларуская мова” (Мінск, 1994, с. 558-559).
Практыкаванне 9. Падрыхтуйце лінгвістычнае паведамленне на тэму “Правапіс – люстэрка гісторыі”. Рыхтуючыся да выступлення, звярніцеся да працаў І. Лепешава “Дазнанні” (Гродна, 2000, с. 54-62), Л. Лыча “Рэформа беларускага правапісу 1933 года: ідэалагічны аспект (Мінск, 1993), Л.Сямешка “Кадыфікацыя арфаграфічных норм” (Беларуская мова: хрэстаматыя. Мінск, 2005, с. 94-96), В. Іўчанкава “Экстралінгвістычны ўплыў на фарміраванне беларускага правапісу” (Беларуская мова і літаратура. – 2002. – № 4. – С. 49-58), В. Шчэрбіна “Факты і міфы: Рэформа беларускага правапісу 1933 года” (Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1989. – № 9. – С. 1-4).
Практыкаванне 10. Падкрэсліце 5 слоў, у якіх на працягу 30-х – 70-х гг. ХХ ст. адбыліся арфаграфічныя змены – замена ненаціскнога о на а, г. зн. не пад націскам пэўны прамежак часу пісалася літара о, а затым стала пісацца літара а. Патлумачце, чым гэта было абумоўлена.
Камунар, стагоддзе, савецкі, лінкар, палімер, этнас, касмічны, пралетарыят, райкам, камунізм, Інтэрпал, камсамол, паўтыдня, матацыкл, этымалогія.
Практыкаванне 11. Запішыце прыведзеныя ў практыкаванні словы, кіруючыся правіламі новай рэдакцыі беларускага правапісу (2008 г.).
Галіфе, дэкальце, імпрэсарыо, Антоніо, сальфеджыо, гангстэр, лідэр, містэр, Гендэль, стограмовы, стокіламетровы, Гійом, Іофе, аванпостны, Брэсцкі дзяржаўны універсітэт, цяньшаньскі, дэзінтэгратар, алах, прасвятая тройца, вадохрышча, купалле.